Сяргей ПАНІЗЬНІК
Сорак пяты год пайшоў ад тае пары, калі ў Мікалаеве на Ўкраіне я пазнаёміўся з паэтам Дзмітром Чараднічэнкам. Мікола Маляўка, Алесь Разанаў і я былі запрошаны на сустрэчу паэтаў саюзных рэспублік. Дмытро Чэрэднычэнко стараўся паказаць нам прывабы украінскай зямлі, а я, у сваю чаргу, паказаў яму чуць пазней маё роднае Прыдзвінне, гістарычныя мясціны Беларусі.
Паэты і перакладчыкі — Дзмітро, яго жонка Галіна Кірпа, дачка Оляна — многа зрабілі для перанясення чараў беларускай паэзіі на ўкраінскі кантынент. Але ёсць у Дзмітра Чараднічэнкі асаблівы ветразь, пад якім ён вось ужо трыццаць гадоў плыве ў абдоймы Вінцаса Крэвэ-Міцкявічуса, з роднай Росі на Нёман. І не толькі таму, што яго мама, народжаная на Чарнігаўшчыне, пачувала сябе літвінкай. Дзмітро займеў на сучаснай літоўскай зямлі многа творчых пабрацімаў, супрацоўнічае з літоўскай дыяспарай. Таму і мае за заслугі перад Літвой Рыцарскі крыж.
А пакуль – на прадаўжэнне творчай дружбы і ўзаемаперакладчыцкай працы — мой узгалосак з Кіева: на падтрымку ўзбалелага сэрца Дзмітра.