Нас пазнёміла Цётка

Вячаслаў РАГОЙША,
доктар філалагічных навук, ­прафесар, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко і прэміі імя Дмытра Нітчанкі

Зусім нядаўна, а менавіта 13 ліпеня гэтага года, мне зноў хораша думалася пра Міхайлу Фядотаваіча Слабашпіцкага. І дзе б вы думалі? У беларускім мястэчку Астрынá на Гродзеншчыне, дзе роўна 145 год таму назад гадавалася духоўная сястра Лесі Украінкі – выдатная беларуская паэтэса Алаіза Пашкевіч, што пад псеўданімам Цётка стала класікам беларускай літаратуры. І ў Астрынскай СШ імя Цёткі ў музеі паэтэсы, і ў раённай бібліятэцы яе імя ў Шчучыне прэзентавалася “цёпленькая” (толькі што ўбачыла свет у мінскім выдавецкім холдынгу “Звязда”) двухмоўная (на ўкраінскай і беларускай мовах) кніжка “Акрыленыя родным словам: Ларыса Косач-Квітка (Леся Украінка) і Алаіза Пашкевіч (Цётка) = Окрилені рідним словом: Лариса Косач-Квітка та Алоїза Пашкевич (Цьотка)”. Кніжку парупіліся падрыхтаваць і ў юбілейны не толькі для Цёткі, але і для Лесі Украінкі год выдаць Пасольства Украіны ў Беларусі ў асобе яго Першага сакратара Івана Башняха і Шчучынскі райвыканкам у асобе намесніка Старшыні райвыканкама Алены Пасюты. Былі ў іх і памочнікі – літаратуразнаўцы з Мінска і Луцка, укладальнікі, выдаўцы, друкары і дабрадзеі-спонсары. Дарэчы, і ў Шчучыне, і ў Астрыне яшчэ ў лютым г.г. прайшлі ўрачыстыя ўшанаванні Лесі Украінкі ў сувязі са 150-годдзем яе бессмяротнасці…
Але чаму менавіта на Гродзеншчыне мне светла згадалася асоба Міхайла Слабашпіцкага? Бо менавіта з ім мы пазнаёміліся напярэдадні 100-гадовага юбілею Цёткі. Пазнаёміліся неспадзявана ў Львове, у кватэры Рамана Лубкіўскага. Была другая палова 1975 года. Раман, як заўсёды спешна, рыхтаваў да юбілею замоўленую выдавецтвам кнігу Цёткі на ўкраінскай мове “Вибране”. Кнігу трэба было тэрмінова здаваць у набор. А тут не хапала некаторых патрэбных матэрыялаў. Тады не было цяперашніх сродкаў сувязі, ні інтэрнета, ні мабільнага тэлефона, каб іх тэрмінова пераслаць. Затое з Мінска ў Львоў штодзённа хадзілі цягнікі, рэгулярна ляталі самалёты. Узяўшы патрэбныя друкаваныя выданні і выпіскі з архіўных сховішчаў, я выехаў на сустрэчу з Раманам. Тады ж адбылася і выпадковая (а можа, і не?) блаславёная наша сустрэча-знаёмства з Міхайлам. Знаёмячы нас, Раман сказаў з гумарам:
– Це зять України Рагойша В’ячеслав. Чоловік Тетяни Кобржицької.
– А ми з ним та з Кобржицькою давно знайомі заочно через публікації, – адказаў Міхайла, моцна паціскаючы руку. І тут жа ўспомніў асобныя мае публікацыі ва ўкраінскім і нават беларускім друку. А пра Тяццяну Вячаславаўну выказаўся больш канкрэтна. Згадаў яе рэцэнзію ў “Жовтні” (1974, №2) “Країна під білими крилами” – на аповесць-эсэ Уладзіміра Караткевіча “Земля під білими крилами (Моя Білорусь)”, выдадзеную ў Кіеве ў 1972 годзе. Зазначыў, што гэта, на яго думку, адна з лепшых рэцэнзій мінулага года.
Каб не перашкаджаць Раману “тварыць”, мы пакінулі яго кватэру, а самі яшчэ прайшліся львоўскімі вулічкамі, пасядзелі на лавачцы ў скверы каля ЛДУ імя І. Франко, абмяняліся звесткамі пра навінкі ўкраінскай і беларускай літератур. Міхайла, асабліва калі даведаўся пра нашу дружбу з Караткевічам, шмат распытваў пра яго. З творчасцю і нават ім самім, як я зразумеў, ён быў знаёмы, пра што засведчылі пазней і яго арыгінальныя даследаванні творчасці пісьменніка, цікавыя ўспаміны пра яго. Развітваючыся, Міхайла сказаў, стараючыся вымаўляць па-беларуску:
– Не забывайма: нас пазнаёміла Цётка. Да новых сустрэч!
Пазней мы з Міхайлам сустракаліся некалькі разоў: і ў Львове (на юбілеі Івана Франко), і ў Кіеве (у НСПУ, на вечарынах), і нават у Маскве (на розных сустрэчах у СП СССР). Не скажу, што гэта былі сустрэчы працяглыя, “тастоўныя”, часам проста: “ Здоровенькі були!” “Прывітанне!”. Але заўсёды прыемныя, прыяцельскія. Праўда, адна магчымая сустрэча, на жаль, не адбылася. Міхайла Слабашпіцкі як афіцыйны прадстаўнік ад НСПУ ездзіў у Мінск на пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мы з Таццянай Вячаславаўнай не ведалі пра гэта, і па нейкіх сямейных справах выехалі з дзецьмі да маіх бацькоў у Ракаў. Пазней, калі даведаліся ад Караткевіча пра наведанне Міхайлам яго кватэры (а мы з Уладзімірам Сямёнавічам не толькі сябравалі сем’ямі, але і жылі ў адным доме), вельмі шкадавалі. Несумненна, Міхайла з Караткевічам не змаглі б абмінуць і нашу кватэру…
Помніцца і такі выпадак. Недзе ў сярэдзіне 1990-х гг. мы з Таццянай прыязджалі ў Кіеў. Ішлі па цэнтры горада, недзе каля Залатых варот. І раптам з натоўпу мінакоў выбягае мужчына, кідаецца да мяне, мы пачынаем абдымацца. Я адразу пазнаў Міхайлу, а Таццяна была здзіўлена, бо першы раз бачыла яго, хоць гэта імя ў нашай сям’і гучала не аднойчы. Толькі што на філфаку нашага ўніверсітэта было адкрыта аддзяленне ўкраіністыкі, дзе яна пачала выкладаць курс украінскай літаратуры, прычым на ўкраінскай мове, а падручнікаў, мастацкай літаратуры амаль не было. Міхайла, даведаўшыся пра гэта, звадзіў нас у некалькі бліжэйшых выдавецтваў, нагрузіў кнігамі. Калі ўлічыць і раней купленыя намі выданні, у Мінск мы павезлі цэлую бібліятэку ўкраінікі.
Асабліва багатыя на сустрэчы з Міхайлам, вочныя і завочныя, аказаліся апошнія тры гады. Паспрыялі гэтаму найперш два чалавекі: галоўны рэдактар выдавецтва “Знання” Разумны Уладзімір Паўлавіч і жонка Міхайлы, паэтэса “божай міласцю” Святлана Анатольеўна Караненка. Уладзімір Паўлавіч заказаў Таццяне Кабржыцкай новы пераклад (без цэнзурных умяшанняў у аўтарскі тэкст) рамана Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” (ранейшы, у афіцыйнай рэдакцыі, выйшаў у Кіеве яшчэ ў 1990 г.). Да гэтага, выдавецтва перавыдала аповесці беларускага класіка “Знак бяды” (пераклад Д. Піліпчука) і “Альпійская балада” (пераклад Г. Вігурскай). Пераклад “Мёртвым не баліць” з пасляслаўем перакладчыцы увайшоў у прэстыжную выдавецкую серыю “Голоси Європи”, дзе дагэтуль былі выдадзены творы Б. Пруса, Г. Ібсена, Гі дэ Мапасана, Г. Гауптмана і іншых класікаў еўрапейскай літаратуры. Гэту быкаўскую “трылогію” прэзентавалі на Міжнародным кніжным кірмашы “Арсенал–2019”. Выдатным мадэратарам на прэзентацыі быў якраз Міхайла Слабашпіцкі. Ён не проста “даваў слова” выступоўцам – а сярод іх былі не толькі перакладчыца Таццяна Кабржыцкая, галоўны “віноўнік” выпуску кніг В. Быкава Уладзімір Разумны, пабрацім беларускага пісьменніка Герой Украіны Дмытро Паўлычка і інш., – але і ўмела скіроўваў гутарку на патрэбны лад, дапаўняў і ўдакладняў сказанае. Калі ж сярод гледачоў заўважыў вядомага літаратуразнаўцу, доктара філалагічных навук Уладзіміра Панчанку, тут жа запрасіў яго да выступу. Тым больш, што У. Панчанка (Міхайла ведаў пра гэта) з тых мясцін Кіраваградчыны, дзе адбываліся галоўныя падзеі “Мёртвым не баліць”, дзе і сёння на надмагільным абеліску (на шчасце, выпадкова) значыцца і імя лейтэнанта Васіля Быкава…
У тым жа годзе мы з Таццянай перадалі сям’і Слабашпіцкага беларускі насценны мастацкі каляндар на 2020 год. Святлана Анатольеўна адвезла каляндар у Фастаў сваёй маці, беларусцы з Івацэвічаў, і ўбачыла, як тая настальгічна пачала ціха чытаць і гладзіць на паперы назвы месяцаў: Студзень… Сакавік… Красавік…Падзея тая натхніла Святлану Караненка на напісанне верша знакавага, прарочага, верша-шэдэўра “Замовляння на білоруську мову”, своеасаблівай замовы ад асіміляцыі. Верш вызначыў назву ўсёй яе новай лірыка-патрыятычнай кнігі. Кніга тая захадамі Міхайлы тэрмінова пабачыла свет у выдавецтве “Ярославів Вал”, і ўжо ў ліпені выданне прэзентавалася ў музеі Максіма Рыльскага на 60-годдзі славутай паэтэсы. Цераз пандэмію каронавіруса мы з Таццянай, на вялікі жаль, не змаглі прысутнічаць ні на юбілеі, ні на прэзентацыі кнігі, хоць былі сардэчна запрошаны на мерапрыемствы. Я, апрача ўсяго, і як перакладчык верша на беларускую мову, яго папулярызатар у асяроддзі беларусаў…
Шкадуем, што праз каронавірус і Міхайла са Святланай да нас не прыехалі, хоць планаваліся цікавыя сустрэчы і ў Мінску, і ў нашым Ракаве. Таццяна напісала пра Міхайлу артыкул, пераклала яго прачулае эсэ пра Васіля Быкава (“Дзеяслоў”, 2020, № 2). Біяграма Міхайла Слабашпіцкага аўтарства Т. Кабржыцкай увайшла ў энцыклапедыю “Уладзімір Караткевіч” (2020).
Тое, што апошнія гады свайго жыцця Міхайла Слабашпіцкі рабіў як дырэктар выдавецтва, арганізатар літаратурнага працэсу, што ён ствараў як пісьменнік, рабілася і стваралася праз “не магу, але трэба”, неверагодныя недамаганні, боль ад няўмольнай хваробы веку. Мы гэта ведаем, таму што дзякуючы электронным СМІ мая Таццяна Вячаславаўна ледзь не штодня (а перад смерцю Міхайлы – і штодня) кантактавала з Святланай Анатольеўнай. Як маглі, мы падтрымлівалі яе. Не раз намі ўзгадваліся ўзаемаадносіны Лесі Украінкі з мінчанінам Сяргеем Мяржынскім. Да смяротна хворага каханага, нягледзячы ні на што, Леся прыязджала чатыры разы, апошнія два месяцы жыцця Сяргея бесперапынна дзяжурыла ля яго пасцелі, за адну вельмі напружаную ноч стварыла драму “Одержима” (“Я її в таку ніч писала, після якої, певне, буду довго жити, коли вже тоді жива осталась”). Урэшце, пахавала яго, як ён і прасіў: “Квіток, квіток, як можна більше квітів // І білого серпанку на обличчя…”. Святлана Караненка магла б паўтарыць словы Лесі Украінкі: “Я бачила, як ти хиливсь додолу, // Пригнічений своїм важким хрестом”. І не толькі бачила, але і сама прыўзнімала, рабіла лягчэйшым той крыж. А што да творчасці, то, відаць, толькі ў будучым літаратуразнаўцы вызначаць, што і як яна пісала пры ложку Міхайлы, “коли вже тоді жива осталась”…
Няхай пухам будзе Табе, Міхайле, родная ўкраінская зямля!

Поділись і насолодись:
  • Blogosvit
  • del.icio.us
  • Надішли другу посилання на статтю електронною поштою!
  • Facebook
  • Google
  • LinkedIn
  • MyNews
  • Роздрукуй на пам’ять!
  • Technorati
  • TwitThis

Related posts

Leave a Comment